КАНТАКТЫ І ДЫЯЛОГІ

№ 5 1999

ІНФАРМАЦЫЙНА-АНАЛІТЫЧНЫ
І КУЛЬТУРАЛАГІЧНЫ БЮЛЕТЭНЬ


БЕЛАРУСЫ Ў СВЕЦЕ

СТАРОНКІ БУДУЧАГА ДАВЕДНІКА

Грыцкевіч Валянцін

Грыцкевіч Валянцін Пятровіч (30.03.1933, Мінск), вучоны-гісторык, медык, грамадскі дзеяч, кандыдат медыцынскіх навук.

Валянцін ГрыцкевічВ. Грыцкевіч нарадзіўся ў сям’і настаўніка і ўрача. Скончыў у Мінску сярэднюю школу (1950), Інстытут замежных моваў (1955), медыцынскі інстытут (1956), гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1957). Працаваў урачом ва Узлянах Рудзенскага р-на Мінскай вобл. (1956–1957), у Мінску (1957–1969), Ленінградзе (1969–1971), старшым навуковым супрацоўнікам Ваенна-медыцынскага музея (1971–1995). Адначасова выкладаў гісторыю ў Ленінградскім інстытуце культуры (з 1980), з 1988 г. — дацэнт кафедры музеязнаўства гэтага ж інстытута (цяпер Пецярбургскі універсітэт культуры).

Навуковыя даследаванні В. Грыцкевіча прысвечаны гісторыі беларускай медыцыны (кандыдацкая дысертацыя, абароненая ў 1963 г.) — кнігі «З факелам Гіпакрата» (Мн., 1987), «Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая» (Мн., 1989), біяграфістыцы — у першую чаргу беларускай інтэлігенцыі ў замежжы — «Падарожжы нашых землякоў» (Мн., 1968), «Дзесяць шляхоў з Вільнюса» (Вільнюс, 1979, на літоўскай мове), «Нашы славутыя землякі» (Мн., 1984), «Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна» (Мн., 1986), «Эдуард Пякарскі» (Мн., 1989), а таксама біяграфістыцы медыкаў — «Успаміны і дзённікі ў фондах музея: Анатаваны каталог» (Л., 1980), «Ваенныя медыкі — кавалеры ордэна Славы трох ступеняў» (Л., 1975, сумесна з Ф. Сатрапінскім), апісанням падарожжаў як гістарычнай крыніцы — «Шляхі вялі праз Беларусь» (Мн., 1980, сумесна з А. Мальдзісам), тэорыі і методыцы гістарычнага крыніцазнаўства (шэраг артыкулаў), методыцы вывучэння і выкладання гісторыі, асабліва ў Беларусі (шэраг публікацый 1988–1999 гг.), узаемным руска-беларускім перасяленням у XIV–XVIII стст. — «Беларуска-рускія перасяленні ў XIV–XVIII стст.» (Спадчына. 1993. № 3–5) і інш. У апошняе дзесяцігоддзе В. Грыцкевіч склаў першую ў свеце манаграфію, дзе асветлена гісторыя музейнай справы ў свеце (рыхтуецца да друку ў Мінску і ў Пецярбургу).

В. Грыцкевіч — адзін з арганізатараў і старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу (з 1989), сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, Міжнароднага ПЭН-цэнтра, ганаровы член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, член Рускага геаграфічнага таварыства, Пецярбургскага таварыства гісторыкаў медыцыны, замежны член Беларускага таварыства гісторыкаў медыцыны, член Вялікай рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Мікалай Нікалаеў (Санкт-Пецярбург)

BACK