КАНТАКТЫ І ДЫЯЛОГІ

№ 10-12 2002

ІНФАРМАЦЫЙНА-АНАЛІТЫЧНЫ
І КУЛЬТУРАЛАГІЧНЫ БЮЛЕТЭНЬ


БЕЛАРУСЫ І ЎРАДЖЭНЦЫ БЕЛАРУСІ Ў СВЕЦЕ

З ПОШТЫ АДДЗЕЛА

Жыццё, аддадзенае Беларусі і антычнай філасофіі

Ян Пятроўскі Сумная вестка прыйшла са штата Фларыда ў ЗША. Не стала вядомага эміграцыйнага перакладчыка-элініста, пісьменніка і выдаўца, старшыні Беларускага харытатыўна-адукацыйнага фонду з горада Гейнсвіл Яна Пятроўскага. Ён захапляў усіх тытанічнай працаздольнасцю. За свае амаль сто гадоў жыцця доктар Ян Пятроўскі і яго паплечнікі, жонка спадарыня Аліцыя і сын Юрка, выдалі да сотні кніг, навуковых прац, часопісаў па-беларуску. Але сп. Пятроўскі праславіўся, перш за ўсё, перакладам на беларускую мову і выданнем твораў антычнага філосафа Платона, а таксама важнай паралельнай справай — стварэннем двухмоўнага класічнага грэцка-беларускага слоўніка. Сам Я. Пятроўскі лічыў гэтыя выданні пачаткам вялікай працы па перакладу твораў антычных аўтараў на родную мову.

Нельга не ўспомніць, што менавіта Я. Пятроўскі першым ажыццявіў пераклад і публікацыю «Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека» (1975), што стала рэальным ўкладам у фарміраванне дэмакратычных інстытутаў у Беларусі.

Ян Пятроўскі Унікальным з’яўляецца і выданне Я. Пятроўскім трох тамоў «Мэмуараў» (1988–1996), дзе аўтар сваімі ўспамінамі ахоплівае амаль цэлае стагоддзе: родны Слуцк пачатку XX ст., даваенная Вільня, ваенныя падзеі, эміграцыя, ад’езд у ЗША, дзейнасць пастарам амерыканскай метадычнай царквы, беларускае жыццё на эміграцыі, стварэнне Фонду Яна і Аліцыі Пятроўскіх. А яшчэ «Мэмуары» — надзвычай цікавы літаратурны помнік мінулага стагоддзя, у якім пануе мова, блізкая да той, што гучала ў дзяцінстве Янкі на Случчыне.

Сам жа аўтар гэтых радкоў знаёмы са сп. Пятроўскім па перапісцы каля 15 гадоў. I ўвесь час атрымліваў ад свайго старэйшага суразмоўцы з Фларыды цікавыя, часам вельмі крытычныя лісты з развагамі, перасцярогамі адносна маіх мараў і ілюзіяў, з парадамі чалавека сталага веку…

Цяпер жа, калі я даведаўся пра смерць вельмішаноўнага спадара Пятроўскага, я смуткую з усімі, хто ведаў гэтага адданага беларуса, і прапаную чытачам некаторыя вытрымкі з ліставанняў, адрасаваных мне на пачатку 90-х гг. XX ст. Светлая памяць Вам, спадар Ян Пятроўскі!

 

13 мая 1990 г.
г. Гейнсвіл, штат Фларыда, ЗША

[…] Вы пытаецеся, чаму я якраз перакладаў дыялёгі Плятона, а не, скажам, Арыстотэлеса. На гэта склалася шмат прычынаў: па-першае, зьбег абставінаў у жыцьці, яны не абавязкова залежаць ад чалавека; па-другое, духова (не духоўна) Плятон найбліжэйшым быў для мяне; па-трэцяе, у першую чаргу я цікавіўся філязофіяю як гэткаю. Я не магу сказаць, што ведаю ўсіх філёзафаў, а згэтуль магу выбіраць першага, пятага ці дзесятага. (Тут пацьвярджаецца сказанае філёзафам: «Чытайце перш добрыя кнігі, бо ўсё роўна ўсіх не прачытаеце»). Па-чацьвёртае, уся філязофія пачынаецца старажытнымі грэкамі; па-пятае — усё, што мы сягоньня ведаем або ўсе праблемы ў жыцьці, якія мы (і народы) спатыкаем сягоньня, калісьці дыскутаваліся антычнымі грэкамі. І ня толькі абгаварваліся — усе вынікі іхных высноваў знаходзяцца запісанымі (для нашае выгады), каб мы іх пазналі і культурна ўзбагачаліся сягоньня…

Вы пішаце: «Плятона ж вельмі крытыкаваў мой любімы філёзаф Ф. Нітшэ». Вось жа вось! Бачыце, нешта ж было такое важнае ў Плятона, што Ваш любімец крытыкаваў. Я ня думаю, што калі б гэта было магчымым ў часе, Нітшэ заняўся б крытыкаю іншых «творцаў».

Многія з людзей крытыкуюць Плятона на працягу тысячалецьцяў, але ён, як морская ліхтарня, стаіць і свеціць усім, паказваючы на правільны кірунак.

Арыстотэлес? Так. Ён павінен быць у беларускім перакладзе. Аднак каб перакласьці каго-небудзь з антычных філёзафаў, пазнаць ягоную мову, сьвет, у якім ён жыў, узаемадачыненьні і падобнае шматлікае, аднаго жыцьця перакладчыка замала. Я шмат перакладаў і многае зрабіў, але мы не павінны ашуквацца. Увесь Плятон не перакладзены на беларусжую мову, і мой клясычны грэцка-беларускі слоўнік і ўсё іншае да гэтага — гэта толькі маленькі пачатак. Хто будзе далей пачатае працягваць — я ня ведаю. Я ведаю толькі адно, што мы не павінны здавальняцца малым, але крочыць далей і далей.

Вы чыталі і Вам падабаецца Нітшэ? На якой мове Вы чыталі? У беларускім перакладзе?

Плятон, Арыстотэлес, Нітшэ, Кант, Гэгель, Талстой, Дастаеўскі, Тургеньнеў, Гогаль і творы шмат іншых аўтараў павінны быць у беларускіх бібліятэках, школах, установах і на паліцах прыватных дамоў, стаяць і чытацца ў беларускім перакладзе. Гэтым створыцца народная культура. На нашых вачох творыцца Эўрапейская супольнасьць («Эўрапейскія Злучаныя Штаты»). Магчыма, я ня буду сведкам тае пары, калі «Эўрапейская супольнасьць» пастукае ў дзьверы Беларускага Народу. Будзе гэта пара даваньня экзаміну культурнае сьпеласьці.

Мы стаім перад вялікаю адказнасьцю ў бегу Гісторыі. […]

 

22 лютага 1992 г.

[…] Я ўдзячны Вам за стараньне з Вашага боку пашырэньня тутэйшых кніг сярод арганізацыяў, да якіх кнігі належаць у першую чаргу. Пры гэтым я хацеў бы звярнуць увагу, што часта вынік атрымліваецца супроцьлежны таму, якога чалавек спадзяецца. Могуць быць арганізацыі, каторыя сьцягваюць на свае паліцы друк з ведамымі для іх толькі мэтамі, каб гэткім спосабам атрыманы матэрыял перагледзіць, а рэшту, што не пакрываецца з паглядам і культурным смакам, проста спаліць або проста схаваць ад людзкага вока. Я меў падобныя выпадкі, адзін з каторых знайшоў рэхам сваім месца ў № 2 «Анаграфаў». Я думаю, што выпадкі паленьня ў нашай гісторыі кніг Вы спатыкалі (для прыкладу, «Беларуская Савецкая Энцыкляпедыя»).

Праўда, тут жа мушу адзначыць, што абсэрвуючы разьвіццё падзеяў сягоньняшняга дня на Беларусі, я ўсё яшчэ не разумею, дзе і ў чым Беларусь ёсць свабоднаю. Я атрымліваю даволі шмат лістоў з дому, з каторых выразна выступае страх людзей перад няведамым, якое яшчэ можа вярнуцца, як яны думаюць.

Да таго, як адказаць Вам на другі абзац Вашага ліста, хацеў бы зьвярнуць Вашу ўвагу на розьніцу, якая існуе паміж Менскам і Рымам.

Менск вымушаным і нацыянальна-культурна-эканамічна памятым выйшаў з сямідзесяцігодняе машыны. З другога боку, Рым спатыкае нашу сталіцу здаровым і сьвежым. Розніца відавочная. Калі б зайшло спаборніцтва, ведама, якая старана ўступіць якой. (Калі Гарбачоў спатыкаўся з папам, дык з пэўнасцю можна сказаць, што спатканьне іх было папярэджана спатканьнем прадстаўнікоў — СССР і Ватыкану. Пра пагоду папа і Гарбачоў, напэўна, не гаварылі. Яны дамовіліся аб нечым, магчыма, і падпісалі нешта. Што? Час толькі на гэта адкажа). А Яна Матусэвіча асабіста ня ведаю, або не прыпамінаю сабе, але ўсіх іншых зь ягонае вуніяцкае царквы ведаю, некаторых гасцяваў у сябе дома. Прасілі яны мяне на пісьме і ў словах, каб я ўступіў, як яны кажуць — у «лодку Пятра» […]

… Дарэчы, калі Вы хочаце, я перашлю Вам некалькі тысяч сваіх кніг, за мой кошт. Я пісаў пра гэта адпаведным уладам у Слуцаку. І адказ быў: мы ня маем месца на гэта.
Мой «творчы лёс», хіба між іншым. Галоўная мая думка — гэта пашырыць вестку пра клясыку, праўдзівую клясыку […]

 

16 ліпеня 1992 г.

[…] А цяперака на іншую тэму: кніжкі, кнігі.

Нядаўна выйшла з друку кніжыца: 3-ці том «Лепшых думак чалавека». На Ваш адрас выслана пачка гэтае кнігі вагою 10 ам. фунтаў дня 2 ліпеня 1992 года. Гэта для Вашае асабістае дыспазыцыі.

У Фонд беларускае культуры выслана адсюль аналягічную пачку і ў тым самым часе. Я буду пісаць да іх.

Дарэчы. Іхні назоў — «Беларускі Фонд культуры» — гучыць няправільна і не па-беларуску. БФК = Б — беларускія людзі вядуць яго; Ф — фонд-фонд? Ёсць многа розных фондаў; К — культура. Тут напрошваецца пытаньне — культура? якая? чыя?

Вы тут ляпей выражаецеся: «Фонд культуры Беларусі». Гэта бліжэй да праўды. Я ўважаю, проста, патрыятычна дыху беларускае мовы — Фонд беларускае культуры. […]

Пасля сьмерці мае жонкі і нашага сына, каторыя былі душою ў нашым тут фондзе, сам фонд ня будзе існаваць пасля мае сьмерці. Дзеля гэтага думка ўзнікае:

Перанесьці загадзя, пакуль яшчэ магчыма, перанесьці ўсё чыста на Беларусь, і ў вапрычонасьці ў Менск. Дзеля гэтага спатрэбілася б купіць там пляц і пабудаваць у вадпаведным месцы новы дом мураваны ці драўляны і перавезці згэтуль туды ўвесь працоўны кабінэт з архівам і машынамі для пісаньня і г. д.

Анатоль Мяльгуй (Мінск)
BACK